У Варшаве паказалі пяць лепшых тэкстаў сучаснай беларускай драматургіі

17 красавіка 2026

У Варшаве паказалі пяць лепшых тэкстаў сучаснай беларускай драматургіі

10-11 красавіка ў Варшаве завяршыўся фестываль сучаснай беларускай драматургіі Dramatyzacyja, які прайшоў упершыню. Ён стаўся фіналам конкурсу, арганізаванага Беларускім інстытутам тэатра. З 66 дасланых п’ес прафесійнае журы адабрала пяць лепшых тэкстаў. Усе яны напісаны жанчынамі.

Тэатр «Pryehali» - незалежная сцэна ў Беластоку

У Доме культуры Срэдмесце (Dom w Alejach, Іерусалімскія алеі, 2) гледачы ўбачылі чыткі пяці твораў:

  • «Лімб» Рэнаты Талан;
  • «Найсапраўднейшае» Ксеніі Шталянковай;
  • «Апошні сведка [старога Гродна]» Амаліі Рызніч;
  • «Любое месца, дзе засталіся сляды» Марыі Бельковіч;
  • «Рудая вавёрка» Хасі Корневай.

Над кожным з тэкстаў працавалі беларускія рэжысёры і акцёры. Сярод іх – акцёр і рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі, заснавальнік беластоцкага тэатра «Pryehali». Ён падрыхтаваў чытку «Рудой вавёркі» – дакументальнай гісторыі пра дзвюх дзяўчат, якія пасля прысуду аб абмежаванні волі (т.зв. «хімія») збеглі з Беларусі спачатку ў Літву, а потым у Польшчу. Абедзве гераіні прыйшлі на паказ асабіста.

«Рудая вавёрка»

Тэатр «Pryehali» – незалежная сцэна ў Беластоку, заснаваная Енджэеўскім для беларусаў, якія мусілі пакінуць радзіму. Спектаклі ідуць тут па-беларуску і па-польску, тэатр працуе з дзецьмі і падлеткамі з эмігранцкіх сем’яў. У гэтым годзе паказалі ўжо прэм’еру «Птушыны суд», а таксама спектаклі «Сумная зупа» і «Дарога ў Бэтлеем».

Аляксандр Енджэеўскі

Перамогу атрымала п’еса «Лімб» Рэнаты Талан у пастаноўцы рэжысёркі Жэні Давідзенкі. Неверагодная, але цалкам магчымая ў сённяшніх беларускіх умовах гісторыя ператвараецца ў сцэну, годную ці Маркеса, ці Кафкі. Галоўная гераіня развітваецца з памерлымі ў Беларусі замест іх родных, якія не могуць прыехаць на пахаванне з-за мяжы, – і сама трапляе ў пастку гэтага лімба.

Арт-дырэктарка фестывалю Валянціна Мароз заўважыла, што частка аўтарак – у тым ліку лаўрэатка – па-ранейшаму жыве ў Беларусі і выступае пад псеўданімамі. Яна таксама прызналася, што не чакала такой колькасці гледачоў, і выказала спадзеў, што праз год адбудзецца наступны фестываль.

Глядзіце таксама

Мы цэнім вашую прыватнасць

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш досвед прагляду, паказваць персаналізаваную рэкламу або кантэнт і аналізаваць наш трафік. Націскаючы "Прыняць усё", вы згаджаецеся на выкарыстанне намі файлаў cookie. Палітыка прыватнасці